Сочинение чаму можа навучыць мінулае сучасніка каласы пад сярпом

Раман Уладзіміра Караткевіча  «Каласы пад сярпом тваім» дазваляе нам перамясціцца ў тыя часы, калі беларускі народ не мог паўнапраўна і свабодна існаваць і нават насіць сваё імя. Мы вяртаемся ў цяжкія часы для нашай краіны, калі толькі пачынаўся гэты доўгі шлях аднаўлення і адраджэння нашай нацыі, калі да людзей паступова прыходзіла ўсведамленне таго, што неабходна заяўляць пра сябе і вяртаць тое, што несправядліва аднялі ў нас — права на сваю культуру, сваю незалежнасць, права ведаць і распаўсюджваць сваю сапраўдную гісторыю, права звацца беларусамі і карыстацца роднай мовай, а таксама надзею на адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці ўсяго беларускага народа.

Галоўны герой рамана — Алесь Загорскі пачынае свой шлях усведамлення сябе як беларуса з таго, што знаёміцца са сваім дзедам — Данілам Вежай-Загорскім. Дзед тлумачыць Алесю, што такое «Всея Великие и Малые и…Белые Русь» у тытуле рускага цара. Унук прыходзіць да вываду, што » мы — жыхары Белай Русі». Стары Вежа не згаджаецца, гаворыць: «…Слова гэтае…канчаткова састарэлае…, якога ніхто не помніць. Зараз яно і наогул пад забаронай, шмат год нідзе ты яго не сустрэнеш». У той момант Алесь успамінае бацькавы словы ў магільні продкаў: » У іншых ёсць імя —  у нас няма нічога, акрамя магіл». Цяпер ён ведаў, што імя ёсць, забытае, састарэлае, але ёсць.

Гэты дыялог з дзедам з’явіўся пераломным момантам у жыцці юнака. У ім раптам прачнулася непераадольнае жаданне даведацца пра гісторыю гэтай таямнічай і забытай усімі Белай Русі, бо цяпер ён дакладна ведаў: ён беларус і ён мае права ведаць сваю гісторыю.

Спачатку Алесь чытае ў дзедавай бібліятэцы » Шляхціца Завальню » Яна Баршчэўскага. Кніга аказвае на яго душу асаблівае ўражанне і ўздзеянне і вельмі моцны ўплыў на яго свядомасць. Потым, падчас вучобы ў Віленскай гімназіі Алесь, Мсціслаў, Мацей Біскуповіч і яшчэ некалькі чалавек ствараюць » Братэрства чартапалоху і шыпшыны «, яны чытаюць недазволеную літаратуру, спрачаюцца. У Вільні Алесь далучыўся не проста да «мудрасці кніжнай», але да духоўнай спадчыны свайго народа і быў ашаломлены яе багаццем. Азнаёміўшыся ўдосталь з гісторыяй беларусаў, Алесь становіцца сапраўдным патрыётам сваёй Радзімы, гатовым аберагаць і абараняць яе гістарычнае мінулае ад гнюсных і хлуслівых слоў тых, хто выступае супраць праўды і не прызнае яе ўнікальнасць. Так, ён горача спрачаецца з Ігнаціем Ходзькай, які адмаўляў права беларускага народа на сваю літаратуру і культуру. Алесь праявіў сябе як сапраўдны патрыёт, чалавек дасведчаны, які паважае гісторыю сваёй краіны.

                                   

Дык чаму ж можа навучыць мінулае сучасніка?…Думаю, найперш таму, што яго нельга забываць,..бо калі не памятаць свайго мінулага, свой шлях, сваю гісторыю — немагчыма пабудаваць светлую будучыню; таму, што вельмі важна ўзрошчваць у дзецях любоў да Радзімы, абуджаць у іх сэрцах цікавасць да гісторыі сваіх вытокаў, каб яны не страцілі саміх сябе, не забыліся, хто яны ёсць.

   Гістарычнае мінулае ў рамане паўстае ў жывых вобразах, сцэнах, эпізодах. Падобнай манерай пісьма валодаў і рускі пісьменнік, аўтар рамана « Пётр I» Аляксей Талстой. Недзе прачытала, што пісаў ён так: стаўляў рыштаванні, узводзіў будынак-твор, а затым усе рыштаванні старанна прыбіраў так, што чытач абсалютна іх не заўважаў. Тое самае назіраем і ў Караткевіча. Перш чым напісаць і «Каласы», і іншыя свае творы, ён, вядома, акуратна і доўга вывучаў фактычны матэрыял, працаваў у навуковых бібліятэках, але пасля гэтай падрыхтоўчай працы як бы знішчаў ранейшыя сляды, ператвараў дакументы ў мастацкія вобразы. На падобным вывучэнні грунтуецца паказ ім жыцця беларускага сялянства і дваранства, апісанне калядаў, масленіцы, навагодняга свята, выезду на паляванне на ваўкоў і мядзведзя, прыёму ў дваранскую зборню. Асабліва ж запамінаецца мне сцэна дзядзькавання, паказаная ў рамане каларытна, маляўніча. Дзядзькаванне — старажытны звычай, калі беларускія магнаты аддавалі дзяцей сваіх на выхаванне на некалькі гадоў у сялянскія сем’і. Тыя вучыліся там пераадольваць цяжкасці, працалюбству, уменню здабываць хлеб надзённы і шанаваць яго на стале. У сялянскіх сем’ях панічы развучваліся глядзець на свет вачыма абраных, прадстаўнікоў белай косці. Князь Алесь Загорскі прайшоў такую школу. Многаму навучыўся. Асабліва — павазе да старэйшых і да сяброў, да хлеба, да маці і бацькі. Ён уважліва слухаецца Кагутоў. 3 болем на вачах развітваецца з сваімі другімі бацькам і маці, братамі Андрэем, Кандратам, Паўлюком і сястрычкай Янькай. Многае вынес ён з легенды, расказанай старым, апранутым у белую вопратку, Данілам пра белага конніка — заступніка сялянаў. Сам сябе ён называе і князем, і мужыком, калі ўжо будзе прыняты ў дваранскую зборню. I ганарыцца гэтым. Мне запомнілася, як малады князь, прывезены з вёскі ў бацькаў палац, стараецца за снеданнем не раскідацца хлебам, нечакана спаўзае са свайго крэсла пад стол, падымае з падлогі выпадкова скінутую скарынку і прамаўляе важна, па-даросламу: «Даруй, божухна», «Пакладзіце гэта, калі ласачка, каню». Я запомніла, як выразна, натуральна, праўдзіва і высокаэмацыянальна, спачувальна да свайго героя, адвучанага ў сялянскай хаце ад ангельскіх манераў паводзінаў, паказвае Караткевіч застолле. Колькі цеплыні і зачараванасці тым, што робіць маленькае медзведзяня, бачым і адчуваем мы ў апісанні, у прамоўленых дзіцем словах. Хлопец саромеецца незвычайнай, нябачанай шыкоўнасці, але смела бярэ самы большы кавалак «падрапанай лапай», «павольна спаўзае з крэсла пад стол », каб падняць скарынку, апіраецца «далонькай» на край стала. Як стала гучаць яго словы-адказ на запытанне маці Антаніды, што еў ён на сняданне ў Кагутоў: «Крышаныя буракі, — басам адказала медзведзяня. — I курыцу елі… Зарэзалі з такой прычыны старога пеўня…». Пасля выхаду ў свет рамана Караткевіча пачнуць абвінавачваць крытыкі, што ён слаба вывучыў абрад дзядзькавання, не ў адпаведнасці з фактамі перанёс яго з ранейшых стагоддзяў у 19, калі яно перастала існаваць. Ды справа не ў тым, было ці не было дзядзькаванне ў 19 стагоддзі. Яго магло і не быць. Аднак на ідэю твора, дэмакратычную, гуманістычную, якой сцвярджаецца неабходнасць найцяснейшага згуртавання людзей перад небяспекай страты духоўнай і нацыянальнай годнасці, гэтая сцэна працуе выдатна. Калі б яе не было ў рамане «Каласы пад сярпом тваім», ён не ўспрымаўся б намі як цэласнае мастацкае палатно пра сувязь часоў, іх непарушнасць, пра нашу елаўную гісторыю, поўную глыбокага сэнсу.
   Блізкія да адзначанай у творы і сцэны пострыгу і прыёму ў дваранства. Яны таксама даюць уяўленне чытачу пра даўнейшы час, калі прыдняпроўскія землі Беларусі былі адносна свабодныя ад польскай, а затым царскай улады. Менавіта ў 18 і першай палове 19 стагоддзя беларускае дваранства калектыўна вырашала складаныя грамадскія праблемы. Саноўныя, паважаныя князі і дваране часам мелі сваё войска, бараніліся ім ад чужакоў. Яны збіраліся на свае сходы, каб вырашыць складаныя пытанні. На агульных сходах (зборнях) дваране прымалі ў свае рады новых членаў. Былі сярод іх розныя людзі. Прагрэсіўныя па поглядах на жыццё, прыхільнікі свабоды сялянства Даніла Вежа-Загорскі і яго сын Юры, дваранка Клейна, якая не пасаромелася і не пабаялася ўзяць за сына чорнага негрыцёнка, асуджае ваяўнічых рабаўнікоў народа. Запамінаецца таксама пан Раўбіч — суровы, мужны, лідэр паўстання супроць цара, якое рыхтуецца на Магілёўшчыне. Менавіта ў яго дачку Майку закахаўся Алесь Загорскі і перажыў не адну мінуту радасці, расчаравання, горычы. Аднак сярод падобных людзей жыве і здзекуецца з прыгонных у Швошчах Кроер. Пільнуе царскія правы на Беларусі, высочвае Чорнага Войну і яго аднадумцаў жандар Мусатаў. Крок за крокам аднаўляе пісьменнік старонкі мінулага. Яны паўстаюць нават і ў паказе архітэктурных панскіх палацаў, сямейных бібліятэк, тэатраў, звычаяў. 3 гэтымі звычаямі даводзіцца знаёміцца маладому Загорскаму пасля некалькіх гадоў дзядзькавання. Вачамі дзіцяці паказаныя, яны паўстаюць каларытна, з вострымі лініямі. Можна спаслацца на многія сцэны, у якіх ажыўляецца мінулае. Адна з іх — калядаванне. I зараз калядаванне — адзін з улюбёных народных абрадаў. Ды паказаць яго ва ўсёй прыгажосці, у пераліве колераў і гукаў змог, як ніхто іншы, Караткевіч. Гэтым абрадам адкрываецца другая частка «Каласоў». Адкрываецца на фоне апісання зімовай прыроды: «глыбокі, пульхны і сухі» снег, засыпаныя «мяккім белым снегам яліны», якія (запомнілася!) «нагадвалі начных вартаўнікоў», вылеплены пад вокнамі дома Мсціславам снежны балван. Такое не прыдумаеш. Гэта трэба бачыць і ўмець перадаць словамі. Вось на такім фоне зімы, беласнежнай і светлай, адбываецца ў Караткевіча народнае гулянне. Помню, што ўсё адбываецца каля вялізнага полымя, у які падкідаюць новыя і новыя карчы, сухія галіны. Каля яго — кола людзей, пераважна маладых. Віск, крык, жарты. Басаногі, з голай грудзінай і ў доўгім белым кажуху бог холаду Зюзя, які, каб не змерзнуць, ладна хапіў гарэлкі. На свяце прысутнічае і саламянае чучала Каляды з плоскімі намаляванымі вачыма. Не магу многа цытаваць па памяці. Помню, што была на свяце і музыка. Што «гулі дзве скрыпкі», «пявуча вохкаў бас», «мядзведзем раўла дуда», «пяшчотна сапла жалейка», «звонка ўдаралі цымбалы», а над усімі гукамі «ўзлятаў, заліваўся і ўздыхаў бубен». Трэба было не толькі бачыць, а і чуць усе названыя музычныя інструменты, чуць кожны паасобку. Без выдатнага слыху і зроку такія карціны не створыш, так мінулае не адновіш.
   Падобна класіку рускай літаратуры Л.Талстому, Уладзімір Караткевіч ужо ў 20 стагоддзі паэтызуе мінулае, незалежна ад класавых крытэрыяў, аднолькава ўважліва адносіцца да паказу дваранскіх і сялянскіх звычаяў. Падобная пазіцыя сведчыць, што для яго важней за ўсё гуманістычны змест звычайнага чалавечага жыцця, гармонія чалавечых узаемаадносінаў. Калі гэтая гармонія парушаецца, адбываецца выбух, якім і сталася паўстанне 1863 года.
   Я не выпадкова назвала Л.Талстога, Платон Каратаеў якога стаіць, як і аўтар «Каласоў», і бацька і сыны Кагуты, ды і многія сяляне з вёсак князёў Загорскіх, на пазіцыях узаемнай павагі паміж людзьмі, веры ў чалавечнасць, гуманізм, справядлівасць. Супадзенне паміж двума мастакамі адчувальнае і ў апісанні канкрэтных фактаў, эпізодаў, традыцый жыцця дваран. Мяне здзівіла апісанне палявання на ваўкоў у нашага беларускага пісьменніка, такое блізкае да апісання такой сама сцэны-звычаю ў рускага пісьменніка. Сама падрыхтоўка да палявання, прасякнутая строгасцю, адчуваннем важнасці справы, клопатнасцю. Прырода, наскрозь прасвечаная промнямі сонца, афарбаваная пераважна ў жоўты колер (на дварэ восень) — «свет ляжаў цалкам блакітны і празрысты», «мяккія ўзгоркі», «чырвоныя і залатыя дрэвы», «бадзёры, свежы халадок». Адпаведны ўрачыстаму моманту стан людскіх душ… Пры першай няўдачы Алесь «траха не рваў на сабе валасы». Боль, што адбываецца забойства жывой істоты («вочы яго цьмяна адбівалі неба»). Радасць перамогі — «Бацька зноў прыклаў рог да вуснаў, і гукі, срэбныя і тонкія, паліліся ў халодным паветры». Радасць перамогі над ім, такім мужным і смелым, нібы перажывае мёртвы воўк. А яшчэ перажывае, што не збярог «іржышча, неба і срэбную пражу маці божай — усё тое, што ён сёння не збярог».
   Хачу адзначыць, што Караткевіч вельмі любіць і шануе гісторыю. Ён нібы абагаўляе кожную драбніцу, кожную маленькую часцінку чалавечага і прыроднага жыцця ў мінулым. У сцэне, на якой я спынілася вышэй, здзіўляе не толькі каларытнасць яе агульнага малюнка, але і гуманістычны пафас. Другі мастак амаль не звярнуў бы ўвагі на ваўка — здабычу ўзброенага чалавека, паляўнічага. А наш пісьменнік не пакідае яго, нерухомага, пераможанага, пасля смерці, надзяляе яго філасофскімі, уласцівымі толькі чалавеку, думкамі пра несправядлівасць жыцця, спалучэнне ў ім святла і цемры.
   Кожны мастак мае права на самавыяўленне ў творчасці, але не кожны здольны раскрыцца так арыгінальна і непаўторна, як раскрыўся незабыўны Уладзімір Караткевіч. Творы пра мінулае яго чытаюцца з неаслабнай цікавасцю і сёння. Скажу па праўдзе, я звяртаюся да іх з большай ахвотай, чым да твораў Леаніда Дайнекі, Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Арлова, Таісы Бондар. Задаю сабе пытанне: «Чаму ж так адбываецца?». I названыя мною пісьменнікі стараюцца, шчыруюць на ніве так званай «гістарычнай прозы». Але многія творы гэтых мастакоў «з галавы», халодныя, не сагрэтыя сардэчным пачуццём. Цеплыня і прозы, і паэзіі Караткевіча — вынік яго нераўнадушных адносінаў да жыцця, да таго, пра што ён піша, павышанага, чуйнага стаўлення да прадмета адлюстравання. Калі чытаеш раманы, аповесці, вершы і паэмы, забываешся на тое, што яны пра былое, далёкае ад нас. Забываешся так, як забываўся сам пісьменнік, які плаваў у мінулым, як рыба ў вадзе. Менавіта такую, Караткевічаву, ачалавечаную гісторыю я люблю і цаню. Што гэта за гісторыя ў мастацкіх вобразах, калі ў ёй адсутнічаюць і сам аўтар, і людзі, і іншыя жывыя істоты, і ачалавечаная, вечна жывая прырода?
   Гаворачы словамі самога песняра мінуўшчыны, выказанымі ў вершы «Васілю Быкаву », «час стагоддзі, як касой, сцінае», ідуць да ценяў веры, царствы, догмы, але хор народаў успомніць сваіх «святых і зраненых «рыцараў сумлення і свабоды». Быў ён, як і адрасат яго твора, сапраўдным рыцарам сумлення і свабоды. Сумлення і свабоды духу, ідэалаў, сваёй, а не чужой, не кімсьці навязанай веры. I пайшоў ён ад нас у маладым яшчэ ўзросце, не зберажоны, не падтрыманы ў апошнія імгненні жыцця. I адбіліся ў зрэнках яго так дарагія, так блізкія яму сонца і зоры, травы і дрэвы. Да свяціцца імя яго ў стагоддзях, увесь час, покуль жыць будуць людзі на планеце Зямля!
   Апошняе прыйдзе імгненне, Жыццёвы закончыцца шлях, — I станем мы кропляй сумлення Зялёнай планеты Зямля.
   Ці станем мы? А ён, бясспрэчна, стаў.

Раман «Каласы пад сярпом тваім» дае магчымасць чытачу паразважаць, чаму гісторыя ідзе па гэтым, а не па іншым шляху, чаму сённяшні дзень менавіта такі і як зрабіць яго лепшым. Будучыня чалавецтва, на думку У. Караткевіча, залежыць ад духоўных набыткаў кожнай асобы. Пра гэта нагадаў пісьменнік у лірычным адступленні пра мора: «Тысячы, тысячы рэк, ручаін і проста струменьчыкаў аддаюць мору ваду, адбіткі берагоў, якія яны бачылі на ўсім сваім шляху, каламуць, колер вод, галіны, лісце сваіх лясоў і траў і, нарэшце, саміх сябе, сваё жыццё.

Мы нясём у гэта мора ўсё добрае і злое, што мы бачылі, мы нясём у яго сваё жыццё, нават больш — сваю душу.

 І кожны ўпадае па-свойму. Адна рака здаўна-давён ведае, у якое мора яна плыве, другая — з цяжкасцю прабівае сабе шлях. Адна — бачыць мора з самых сваіх вытокаў, другая — пакутліва і доўга, вельмі доўга, шукае яго. Трэцяя — губляецца ў пясках, перасыхае і гіне, так і не заўважаючы марскіх хваль. А чацвёртая — нечакана, яшчэ за хвіліну не ведаючы нічога, падае ў яго, як струменьчык вады ў сердалікавую бухту…»

За ёмістым, метафарычным вобразам мора хаваецца аўтарскае разуменне шматграннасці і разнастайнасці жыцця, якое ствараецца ўкладам кожнага чалавека, а таксама роздум, што акіян матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, створаных чалавецтвам за тысячагоддзі існавання цывілізацыі, ператвараецца ў брудную лужыну, калі дэградуюць людзі, носьбіты жывога агню свядомасці. І калі ён згасне зусім, не застанецца ніякага «мора». І тое, што было матэрыяльнай асновай культуры, ператворыцца ў груду акамянелага друзу, а тое, што некалі было духоўным набыткам, знікне зусім. Уладзімір Караткевіч узняў у сваім творы важныя і вечныя філасофскія праблемы, прапанаваў чытачу свой жыццёвы ідэал годнага існавання чалавека на гэтым свеце.

Да ўсведамлення аўтарскай пазіцыі чытач прыходзіць праз асэнсаванне падзей пярэдадня паўстання. Героям твора, якія падпарадкаваны інстынкту самазахавання, У. Караткевіч супрацьпаставіў асоб, пазбаўленых рабскай свядомасці, здольных ахвяраваць жыццём дзеля вышэйшай мэты. Да ліку апошніх належаць сем’і Загорскіх, Раўбічаў, Войнаў і інш. Першыя прадстаўлены Хаданскімі, Таркайламі, Кроерам, Мураўёвым, Валуевым і інш.

Трагізм асноўнага канфлікту рамана і яго вырашэнне аўтар «Каласоў пад сярпом тваім» акрэсліваў наступным чынам: «Ну што ж, калі твая “неабходнасць” не можа даць ім палёгкі, і волі, і шчасця — тым лепей. Тады па сваёй “неабходнасці” яны стануць каласамі пад сярпом волі, радзімы, паўстання, бітвы, каласамі, якія памруць, магчыма, але памруць, каб вырасла новая рунь». Прыведзеная спасылка з рамана дала магчымасць А. Мальдзісу зрабіць такое тлумачэнне назвы твора: «Думка аб гістарычнай неабходнасці паўстання выказана… ужо ў самім загалоўку рамана, вельмі ёмістым і метафарычным. Падзеі 1863 года — гэта велічнае і трагічнае жніво, дзе серп гісторыі жне дзеля таго, каб наступныя пакаленні маглі правесці новы пасеў». Іншыя даследчыкі рамана таксама лічаць назву твора шматзначнай і сімвалічнай.

Старажытныя земляробчыя народы стваралі легенды пра багоў, што паміраюць і ўваскрасаюць. Гэтыя легенды нараджаліся назіраннем за хлебным зернем, якое памірае ў зямлі і ўваскрасае ў коласе. Сімволіка сяўбы і жніва шырока выкарыстоўваецца ў Бібліі і сусветнай літаратуры. У вершы М. Багдановіча «Санет» вобраз зерня сімвалізуе неўміручасць народнага духу. Як вядома, У. Караткевіч захапляўся творчасцю аўтара «Вянка». Вобразы-матывы сяўбы, жніва, зерня, руні, каласоў праходзяць праз многія творы Караткевіча, у тым ліку раманы «Каласы пад сярпом тваім», «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Выкарыстанне пісьменнікам біблейскіх матываў у сваёй творчасці ў савецкі атэістычны час выклікала негатыўную крытыку, аднак ён свядома ішоў на тое, каб абудзіць у чытачоў цікавасць да гістарычнага мінулага і такім чынам далучыць іх да роздуму пра сэнс чалавечага жыцця.

У вобразнай сімволіцы рамана У. Караткевіча каласы пад сярпом — гэта людзі, якія па сваім наканаванні смяротныя. Баяцца смерці — значыць пастаянна адчуваць на сабе ўладу сярпа, а калі думаць, што з фізічнай смерцю не страчваецца мажлівасць духоўнага працягу ў спадкаемцах, то кожнаму з нас — коласу — неабходна назапашваць жыццёвую энергію, каб быць перакананым, што заўтра поле жыцця не зарасце пустазеллем. У рамане «Каласы пад сярпом тваім» пісьменнік выказаў думку пра тое, што ніякія сацыяльна-гістарычныя перашкоды не павінны спыняць рух чалавецтва да вяршынь духоўнасці. У вусны Данілы Загорскага пісьменнік укладвае сваю запаветную думку: «Але людзям трэба ісці, каб жыць… Асабліва тым, што самі і кідаюць зерне, што даюць яму расці, што змагаюцца за каласы».

Раман пачынаецца і заканчваецца апісаннем дняпроўскай кручы. У канцы твора У. Караткевіч прыводзіць свайго галоўнага героя на тое месца, дзе «даўно-даўно, адзінаццаць год назад, тут сядзелі пад гарачым сонцам маленькія дзеці», у тым ліку і ён, Алесь. Герой успамінае пра грушу. Праз гэта і ў фінале твора яшчэ раз падкрэсліваецца дарагая для пісьменніка рыса характару чалавека — здольнасць супрацьстаяць нягодам. «Яна стаяла той год толькі сілаю ўласных карэнняў, умацаваўшы імі для сябе паўкруглы фарпост. Ва ўласных руках трымала жыццё. І за ёю была зямля, а перад ёю плынь, і наступная паводка павінна была кінуць грушу ў хвалі, і ёй варта было б падрыхтавацца да смерці. Але яна не ведала гэтага, яна цвіла».

Галоўны герой рамана выразна ўсведамляе магчымы трагічны фінал сваёй дзейнасці. Гэта ўсведамленне, як і воблік «мёртвага ствала занесенай пяском грушы», не палохае Алеся Загорскага, душа якога прагне справядлівасці. 

На беразе Дняпра, на фоне магутнай ракі, адбываюцца ўсе самыя значныя новаўтварэнні ў душы галоўнага героя рамана. Менавіта тут Алесь упершыню чуе вестку пра неабходнасць вяртання ў Загоршчыну. Рака становіцца сведкам таго, як падлетак дае клятву быць іншым, чым Кроер. У час абраду пастрыжэння, стоячы на высокім урвішчы Дняпра і абводзячы рукой наваколле, бацька гаворыць сыну запаветныя словы: «Помні, усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных. І адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні Бог, ні д’ябал. Адна смерць». Менавіта на беразе Дняпра ў душы Алеся выспявае ўсведамленне, што і сяляне, і шляхта — адно цэлае, імя якому — народ. «І гэта неяк страшнавата наблізіла яго, Алеся, да усіх людзей, нават да тых, чые курганы стаяць вось ужо колькі стагоддзяў па берагах вялікай ракі». На Дняпры адбываецца размова Алеся з Кастусём, у час якой юнакі акрэсліваюць свой далейшы лёс. Расказваючы пра развітанне Алеся Загорскага з роднымі мясцінамі перад ад’ездам на вучобу ў Пецярбург, аўтар зноў прывёў свайго героя на бераг Дняпра. «…Алесь ішоў берагам Дняпра. Імкнулася, бегла некуды шырокая плынь. Сінія пагрозлівыя хмары стаялі, не рухаліся, за вялікай ракой. Кроплямі пралітай крыві чырванелі татарнікі. 

Ён мінуў курганы — іх тут дзясяткі тры, розных — відаць, нейкі старажытны племянны могільнік — і пайшоў угору па спадзістым адхоне. І на курганах, і тут, але радзей і радзей, магутна і сакавіта тапырыў свае дзіды баец-чартапалох. І Алесь ведаў, што ўсё гэта, навакольнае, ён ніколі не здолее забыць». Намаляваная карціна з’яўляецца для аўтара і яго героя сімвалам Радзімы, яе гераічна-трагічнай гісторыі, што ўвасоблена ў курганах і чырвоных татарніках, яе няскоранасці і велічы, сведкам якой выступае жыццядзейсны воін-чартапалох.

Вобраз Дняпра ў рамане У. Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» з’яўляецца сімвалам вечнасці духоўнага жыцця народа, той скарбонкай, у якую ўносіць уклад кожны чалавек — «ручаінка», «крыніца». «Родная зямля — гэта крыніцы», — сцвярджае пісьменнік. І сапраўды, багаццем кожнай зямлі з’яўляюцца перш за ўсё людзі, што яе насяляюць. На жыццёвым шляху кожнага чалавека сустракаюцца розныя перашкоды: «скалы, у якіх трэба пратачыць сабе дарогу, пяскі, у якіх трэба не высахнуць, зграбныя, як дзяўчаты, вербы, карані якіх трэба напаіць».

Не згубіцца ў пясках, не загінуць, так і не ўбачыўшы марскіх хваль, дапамагае кожнаму чалавеку прыклад жыццёвай стойкасці, мужнасці, духоўнай сілы яго папярэднікаў. Іх сімвалізуе ў рамане вобраз дуба.

Вобразы-сімвалы дуба і ракі спалучаны ў адзінае цэлае ў сцэне развітання Данілы Кагута з жыццём. Тут асабліва выразна раскрываецца аўтарскае разуменне сэнсу жыцця, акрэсленае ў назве рамана, лірычным адступленні пра мора, перададзенае праз разважанні Вежы пра стаячую ваду і плынь. Калі першая гніе і робіцца балотам, то другая — з крыніцы робіцца ручаінай, ракою, морам, аблокамі. Гэта перакананне не толькі Вежы, але і Данілы Кагута, які ў апошнія хвіліны жыцця папрасіўся да ракі, каб менавіта на беразе неспакойнага, магутнага Дняпра сустрэцца са смерцю: «“— Ухіляюся табе, рэчачка, — сказаў Кагут. — Бяжы сабе ды бяжы. <…> Рэчка ты мая, рэчанька. Залаценькая ты мая. Бяжы сабе ды бяжы. Нясі сабе ды нясі”. Ён звяртаўся цяпер да ракі, як роўны да роўнага. Цяпер перад абодвума была вечнасць».

Як бачым, для Данілы Кагута характэрны народны погляд на праблему жыцця і смерці. Апошняя не палохае героя Караткевіча, бо ён перакананы: «Косці стануць зямлёй, і вырастуць дрэвы, і пацякуць з іх кроплі дажджу. Проста туды, у раку. І ён стане ракою, а рака — ім. І нават самы мудры, нават бог, іх не адрозніць». У апошнія хвіліны жыцця няма ў душы старога ні страху, ні сумятлівасці, ні роспачы. Усё жыццё імкнуўся Даніла Кагут жыць у суладдзі са сваім сумленнем, служачы ідэалам Дабра, Справядлівасці, Прыгажосці. Аўтарскае захапленне святасцю жыццёвага подзвігу селяніна перадаецца праз згаданыя вышэй вобразы-сімвалы: неба, дуба і Дняпра: «Дзедавы вочы глядзелі ў сіняе неба, у якім магутна распасціраўся безліччу галін волат-дуб. Галіны пагойдваліся, нібы сам купал неба велічна гойдаўся на іх. Кроў зямлі цякла ў жылах дуба. А кара была шурпатая, як мужыцкія рукі. А галін было — не злічыць. А за дубам быў Дняпро. А над Дняпром, і над дубам, і над ім, старым Кагутом, было сіняе неба. Добра будзе пад такім небам беламу каню…»

Бязмежнасць і веліч сіняга неба, купал якога нібы гайдаецца на галінах дуба, нагадвае чытачу пра неабмежаваныя магчымасці чалавечага самаўдасканалення і ў той самы час падкрэслівае, што менавіта прага «жыцця для ўсіх» утрымае і ўратуе гэты свет.

   Ён некалі паабяцаў сабе і людзям, што напіша кнігі, якія будуць чытацца на беларускай мове. I напісаў такія кнігі, якія не толькі вяртаюць нам нашу святыню-мову, але і памяць, забраную ў нас даўно. Лепш за іншых усведамляючы, што без памяці пра свае вытокі, карані, пра мінулае ў народа няма будучыні, ён так вызначыў сваю ролю ў рэанімацыі душы і памяці:

А ў некаторым сэнсе, нават бог, 
Бо занава я свой народ ствараю.

   Уладзімірам Караткевічам упершыню ў гісторыі нашай культуры створана рамантычная літаратура пра мінулае, прычым на трывалым гістарычным падмурку. Рамантычнае і фантастычнае, прыгодніцкае і дэтэктыўнае ў яго творах не самамэта, не толькі для таго, каб чыталі яго кнігі і на роднай мове. Вывучаючы і даследуючы старонкі гісторыі, У. Караткевіч найперш для сябе зрабіў адкрыццё, што ў нашым мінулым ёсць адказы на пытанні, якія не толькі хвалююць нас сёння, а ад вырашэння якіх залежыць, ці будзем мы «людзьмі звацца». 
   Дзякуючы яго кнігам, мы можам адказаць і на Купалава пытанне, «скуль, якога мы роду». Мы — народ, мы — нацыя не горшая за іншыя, у нас ёсць свае карані, а ў нашым мінулым — не толькі гаротнае, трагічнае, але і гераічнае, вартае гонару і захаплення, здрадзіць якому — не мець світання.
   Нельга не здзіўляцца таму, колькі старонак гісторыі прачытана У. Караткевічам для нас, колькі «белых плямаў» зліквідавана, — і ўсё дзеля таго, каб вярнуць нам памяць, бо без памяці нам не быць… 
   Сапраўды, як ён сам сказаў, вякі яго спяваюць ротам.
   I ўсё ж найбольшая ўвага, «агонь душы і сэрца жар» У. Караткевіча прысвечана паўстанню Кастуся Каліноўскага. Нельга не пагадзіцца з пісьменнікам, што больш трагічнай і гераічнай старонкі ў нашай нацыянальнай гісторыі няма, як і самай для нас вызначальнай, павучальнай і папераджальнай.
   Пра ўзвышанае і вечнае, пра гераічнае і трагічнае і напісаць належала незвычайна, і сказаць з асаблівай сілай голасу. Каб пачулі. Голас Караткевіча пра мінулае — голас рамантыка і прагматыка адна-часова. Рамантычнае — пра мінулае , вартае таго, каб чэрпаць адтуль сілы і знаходзіць там адказы на пытанні сучаснага. Прагматычнае — для нас, каб запаланіць нашу ўвагу дзеля нашага ж духоўнага разняволення.
   «На гістарычных сюжэтах я стварыў сваю матрыцу будучага… Кожны гістарычны сюжэт— гэта адкрытая размова з сучаснікам», — так пра сваё пісьменніцкае крэда сказаў сам У. Караткевіч. Ён «размаўляе» з намі пра многае. Яго кнігі — не толькі і не столькі пра паўстанні, войны, змаганні, а пра годнасць і гонар, пра тое, што трэба жыць не прыніжаючы і не прыніжаючыся. 
   Мінулае ў рамане У Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» вучыць, што гонар і годнасць чалавека «ў тым, каб быць незалежным з моцнымі, роўным з роўнымі, памяркоўным для ніжэйшых. У тым, каб быць добрым для жанчын, дзяцей, пераможаных. У тым, каб быць літасцівым да звяроў…».
   Эстэтычная сіла ўздзеяння галоўнага героя рамана вельмі вялікая. 
   Усведамленне Алесем таго, што ёсць самае страшнае, «страшней за чуму, вайну, страшней за ўсё на свеце», становіцца паступова і ўсведамленнем чытача. Самае страшнае — няволя, прыгон, лічыць Алесь. Выявай прыгону з’яўляецца рабская псіхалогія, а не толькі галеча і фізічнае вынішчэнне народа. Духоўнае вынішчэнне намнога страшнейшае. Не ўсведамляць гэта — знішчыць будучыню, бо «ў рукі галодных беднякоў будуць аддадзены ворагі ўсіх краін», бо прыніжаны будуць «магутныя людзі розных народаў», як пра тое папярэджваецца эпіграфам да рамана. I адданне і прыніжэнне заўсёды адбываецца з «сякерай пры дрэве».
   Рабская псіхалогія не толькі гне да зямлі перад моцны мі. «Толькі б не пападалі на калені!» —думае Мусатаў, спатольваючы сваю прагу здзекавацца і прыніжаць гэтае «быдла», як ён у думках называе ўдзельнікаў півошчынскага бунту. Рабская псіхалогія цалкам вынішчае душу, асляпляе нянавісцю настолькі, што раб гатовы знішчыць нават свайго збавіцеля. I са збавіцеля найперш і пачынае вынішчэнне і помсту.
   Захапляючыся смеласцю, адвагай Алеся Загорскага, прызнаючы яго высакароднасць і тое, што «цвэнькае» па-мужыцку, усё роўна некалькі разоў, як заклінанне, Корчак паўтарае:»Хай бы цябе забілі, князь». I ніякія довады, напамін пра тое, што менавіта Алесю Корчак абавязаны сваім выратаваннем ад злюцелага Кроера, на Корчака не падзейнічаў бы. Кандрат Когут слушна гаворыць, што такі напамін пашкодзіў бы, бо Корчак ганарысты: «Дагэтуль усім кажа, што смяротны Кроераў бой вытрымаў адзінай толькі сваёй жывучасцю. I раптам— на табе, панская ласка». Псіхалагічна тонка заўважана пісьменнікам, што людзі з рабскай псіхалогіяй, людзі, пазбаўленыя гонару і годнасці, асабліва ганарыстыя і зласлівыя. Грыня Паківач перасцерагае Корчака: «Ты залішнюю злосць з сябе выпусці, задушыць». Марная перасцярога: хто згубіў па мяць — згубіў усё.
   Мінулае ў рамане не толькі вучыць, а перасцерагае пра вялікую небяспеку прышэсця да ўлады злюцелых рабоў. Грыня Паківач даводзіць, што Корчак, калі б стаўся панам, быў бы не лепшы за Кроера: «Няма горш, як з хама пан…». «Шэрым князем» назваў Корчака і Кандрат Когут: «Каб табе ягоную (Алесеву) сілу — мы б праз тыдзень уплакаліся б. Крывёю сплылі». Бяспамяцтва, чорная няўдзячнасць і злюцеласць Корчака-хама ўражвае. Асабліва ў эпізодзе яго расправы з Раўбічам, з якога вырашыў пачаць «народную помсту», каб падвысіць свой аўтарытэт «мсціўца». Стоячы звязаным перад Корчакам, церпячы ад яго жудасныя здзекі і ў думках падрыхтаваўшыся да немінучай смерці, Яраш Раўбіч душыўся ад злосці на самога сябе: «Так па-дурному трапіць! … Усе гады пакутваць ад рабства радзімы, рыхтаваць закалат, амаль падрыхтаваць, пусціць сваіх на аброк, чакаць паўстання…» Яшчэ адна прычын а дзікунскага намеру Корчака менавіта з такіх, як Раўбіч, пачаць «народную помсту» — тое, што ў Раўбіча была зброя, шмат зброі. Бо рыхтаваўся закалат супраць царызму, прыгону.
   Хваляванне аўтара перадаецца і чытачу: ці змогуць зліцца дзве асобныя ручаіны і плыні, народ і шляхта, у магутным рэчышчы, каб знесці ненавісны царызм і прыгон? На гэтае пытанне адказала сама гісторыя: гэтыя плыні так і не змаглі аб’яднацца. Прыгоннае сялянства ў 186З г. нярэдка выступала супраць паўстанцаў — шляхціцаў, не разумеючы іх мэт, не забываючы свае спрадвечныя крыўды. Гэта дазволіла Мураўёву-вешальніку хітра скарыстаць мужыкоў, аб’явіўшы, быццам шляхта была супраць адмены прыгону і таму з’яўляецца іх найпершым ворагам.
   Адметнасцю стылю У. Караткевіча з’яўляецца майстэрства, з якім ён стварае станоўчага героя, што валодае незвычайнай сілай уздзеяння на чытача. I ў гэтым «роўнага яму няма і наўрад ці будзе» ў нашай літаратуры.
   Цэнтральная праблема і ідэя нацыянальнага адраджэння вырашаецца і рэалізуецца пісьменнікам найперш праз вобраз Алеся Загорскага, якім «цэментуецца» сюжэт рамана «Каласы пад сярпом тваім». Гэтым вобразам пісьменнік адказвае на пытанне, што неабходна, каб абудзіць народ ад сну, каб зварушыць «дух народны», рэалізаваць лепшыя якасці і сілу народную. Пісьменніцкая пазіцыя ў рамане відавочная: гісторыю творыць не толькі народ, але і канкрэтныя асобы — патрыёты, моцныя і незвычайныя, здольныя сілай свайго розуму і бязмежнай любові да народа паўздзейнічаць на яго і пазваць за сабой.
   Такім у рамане паўстае перад намі Алесь Загорскі. Мяркуецца, што прататыпам вобраза з’яўляецца паплечнік К. Каліноўскага Валерый Урублеўскі. Караткевіч як тонкі псіхолаг добра разумеў, што нічога выпадковага на свеце не бывае, што ўсё мае свае вытокі, што модная незвычайная асоба можа з’явіцца толькі ў выключных па сіле ўздзеяння на яе абставінах. Вось чаму ў рамане мноства старонак прысвячаецца «выйсцю крыніц» — мастацкаму даследаванню не толькі вытокаў самога паўстання К. Каліноўскага, але і вытокаў фарміравання моцнай, выключнай Асобы.
   Пісьменнік падрабязна апісвае сям’ю Алеся Загорскага, сапраўдную школу выхавання яго патрыятызму ў час дзядзькавання, уводзіць песню-баладу пра Міколу і Касьяна, песню, пачутую Алесем ад старога Кагута ў дзяцінстве. Белы жарэбчык з балады стаў для хлопчыка сімвалам волі народа, і вобраз гэты быў яму напамінам на ўсё жыццё, што дзеля волі і Бацькаўшчыны можна і трэба паахвяраваць усім. Вялікае месца ў рамане займае апісанне абраду пастрыжэння ў падлеткі, прысягі на вернасць Айчыне і народу. Урокі дабра, справядлівасці, годнасці і гонару атрымаў Алесь найперш у сям’і Кагутоў, замацаваў жа гэтыя ўрокі — ва ўласнай сям’і. Сям’я, сцвярджае 
   У. Караткевіч, — выток людскасці ў чалавеку, першакрыніца ўсяго. Урокі ўдзячнасці народу атрымаў Алесь ад свайго бацькі Юрыя Загорскага і ў час пастрыжэння ў падлеткі, калі той шчодра аддзячыў усёй сям’і Кагутоў за выхаванне ў яго сыне самых вартых чалавека пачуццяў. Урокі трывогі за свой народ, за яго выміранне («выміраем, Алеська, выміраем!») атрымаў ад дзеда — старога Вежы. I не толькі ўрокі спагады, але і канкрэтных спраў для разняволення народа. 
   Вежа падтрымаў прапанову Юліяна Раткевіча адмяніць прыгон, але большасць шляхты на дваранскай зборні прагаласавала супраць. Пра гэта дзед з горыччу і нянавісцю расказваў унуку: «Ваські Вашчылы на іх няма!» Вялікае ўздзеянне на падлетка аказала і наведанне з бацькам радавога склепа. Быццам сіла продкаў улілася ў яго з бацькавым наказам берагчы гэтую зямлю і магілы продкаў як святыні і з пажаданнем, каб ніякая сіла не здолела гэтыя святыні парушыць і адняць.
   Моцная асоба вызначаецца не толькі мэтамі і настойлівай упартасцю, з якой яна ідзе да мэты, але і… слабасцю. Пісьменнік надзяліў свайго героя як незвычайнай сілай, так і высокай эмацыянальнай культурай. Чалавека вызначае не толькі непахіснасць, воля, не толькі тое, з- за чаго ён радуецца, але і тое, над чым ён абліваецца слязьмі. 
   Тройчы ў рамане мы бачым Алеся, калі ён плача. Першы — калі слухаў песню Кагута; другі — калі глядзеў спектакль у прыгонным тэатры свайго дзеда і пасля якога папрасіў у яго вольную для таленавітай артысткі Гелены. Трэці — калі ў Вільні далучыўся не проста да «мудрасці кніжнай», але да духоўнай спадчыны свайго народа і быў ашаломлены яе багаццем. Асаблівае ўражанне і ўздзеянне на яго душу і свядомасць аказала кніга Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня…».    Усе тры гэтыя моманты знакавыя, паваротныя і вызначальныя для Алеся, бо ў выніку іх ён умацаваўся ў каштоўнасцях, што ўжо былі ў яго душы, — над ім заззяла «высокае неба ідэала». Магчыма, менавіта ў такія моманты «слабасці» і выяўляецца сіла моцнай асобы.
   Моцная асоба выяўляецца не толькі і не столькі пачуццямі, колькі ўчынкамі і справамі. Першым учынкам Алеся было нават не тое, з якой мужнасцю і цярпеннем вытрымліваў ён нагрузкі пасля дзядзькавання, гартуючы сябе для нялёгкага служэння Айчыне, чым здзіўляў нават суровага Вежу. Першы яго ўчынак, які сведчыў, што ён здольны не толькі ўбіраць у сябе дабро, але і аддаваць яго людзям, быў той, калі ён запатрабаваў: «Бацька! Дай Кагутам волю!» Гэтыя словы знакавыя для нашага героя, бо ён усведамляе сваё назначэнне на гэтай зямлі ў тым, каб ужо не прасіць, а даць людзям волю. 
   Наступным самым напружаным момантам у рамане з’яўляецца той, калі падлетак, а не дарослыя мужы, што стаялі побач, схапіў за руку раз’юшанага Кроера і ўратаваў Корчака ад жудаснай смерці.
   I нарэшце акорднай і ў рамане, і ў жыццяпісе Алеся Загорскага з’яўляецца сцэна бойкі ў Святаянскіх мурах, выпісаная Караткевічам у лепшых традыцыях рыцарскіх раманаў. Рыцарам сумлення паўстае перад чытачом Алесь, калі не задумваючыся кідаецца ў бой з тымі, хто цынічна заявіў, што Беларусь — ніякая не краіна, а толькі фарпост паміж Захадам і Усходам, а яго мужыкі — ніякі не народ, а «гной» і быдла, здольнае толькі працаваць на гэтай зямлі і быць яе «гноем». Пісьменнік сцвярджае гэтым момантам тое, што калі чалавек здольны заступіцца за іншага і за святыні, не аддаць іх на ганьбаванне, то ён варты таго, каб называцца Чалавекам.
   Здольнікам не толькі пачуцця, слова, хай сабе і мудрага, трапнага і аблічальнага, а здольнікам дзеяння, справы з’яўляецца герой Караткевіча. Толькі дзякуючы такім асобам народ перастане быць коласам пад сярпом грубай сілы, а стане коласам «пад сярпамі волі, радзімы, паўстання, бітвы». Трагічным будзе тое жніво: магчыма, каласы памруць, але «памруць, каб вырасла новая рунь». У аповесці «Зброя», якая з’яўляецца сюжэтным працягам «Каласоў…» і адначасова самастойным творам, зноў галоўны герой — Алесь Загорскі. Рыцарам сумлення і чалавекам справы зноў паўстае перад намі гэты герой.
   I сюжэт, і лірычныя адступленні, і пейзажныя замалёўкі, і сама назва кнігі — «Сякера пры дрэве» — усё прадказвае, вяшчуе вялікую сечу і жорсткую расправу Мураўёва-вешальніка з удзельнікамі паўстання.
   Узнаўляючы старонкі гераічнага і трагічнага мінулага нашай Бацькаўшчыны, сцвярджаючы ідэю пераемнасці і повязі пакаленняў, вяртаючы народу памяць, Уладзімір Караткевіч стварыў ідэал чалавека незвычайнай прыцягальнай сілы і ўздзеяння. Пісьменнік паказаў, якім павінен быць чалавек, жывучы на гэтай зямлі, што рабіць, каб яна заняла «свой пачэсны пасад між народамі». I ў тым найпершая заслуга Караткевіча. 

Похожие статьи:

Уладзімір Караткевіч → Творчасць Уладзіміра Караткевіча

Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч — Лісце каштанаў

Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч — Дзікае паляванне караля Стаха — ГДЗ

Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч — Кніганошы

Уладзімір Караткевіч → Уладзімір Караткевіч — Чазенія — ГДЗ

.Удых…Крык нованароджанага малога. Ён з’явіўся на святло, і адразу спрабуе абвясціць аб сваім нараджэнні

Цяпер Хатынь — мемарыяльны комплекс (54 км ад Мінска). Гэты мемарыял быў адкрыты ў

Нясвіжскі замак — палацава-замкавы комплекс, змешчаны ў паўночна-усходняй частцы горада Нясвіжа Мінскай вобласці Беларусі.

«Чалавек жыве на зямлі, на сваей зямлі, на сваей малой радзіме. Мы жывем у

У кожнага чалавека ёсць свая родная мова. І кожны ўлічвае сваю кропку гледжання аб

Парку, які носіць імя выдатнага беларускага паэта, да Другой Сусветнай вайны не было. На

Понравилась статья? Поделить с друзьями:
  • Сочинение характеристика как писать
  • Сочинение фронтовые письма
  • Сочинение февральская метель
  • Сочинение февральская лазурь описание снега
  • Сочинение февральская лазурь игоря эммануиловича грабаря февральская лазурь